ЯРАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, якія даюць ураджай у год сяўбы. Большасць Я.к. — аднагадовыя расліны, напр., збожжавыя — пшаніца, жыта, ячмень, авёс; крупяныя — проса, грэчка, рыс, кукуруза; зернебабовыя — гарох, фасоля, сачавіца, нут, соя; алейныя — сланечнік, рапс, кунжут; прадзільныя — лён, бавоўнік, каноплі; агароднінныя — агурок, кабачок; кармавыя — сырадэля, яравая віка, суданская трава. Да Я.к. адносяць таксама двухгадовыя расліны, якія даюць ураджай у год сяўбы (капуста, морква, буракі і інш.) і шматгадовыя, якія вырошчваюцца ў аднагадовай культуры (памідоры, тытунь і інш.).
Для нармальнага развіцця Я.к. (у адрозненне ад азімых культур) патрабуюць больш кароткага (веснавога) перыяду ўздзеяння паніжаных т-р (3—12 °C), дастатковай колькасці вільгаці; пажыўных рэчываў і цяпла ў найб. важныя фазы росту і развіцця.
т. 18, кн. 1, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)